Берасцейскае шматгалоссе (урывак)
Свой адмысловы “накірунак” у літаратуры распрацоўвае Валерый Гапееў. Яго цікавіць найперш свет падлеткаў, працэс іх сталення, перыпетыі іх жыцця. У 2010 годзе ў выдавецтве “Літаратура і мастацтва” ў серыі “Пераходны ўзрост” пабачыла свет яго кніга “Урокі першага кахання”. У яе ўвайшлі тры аповесці: “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання”, “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” і “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці”. Творы звязаны паміх сабой тэматычна, у іх дзейнічаюць адны і тыя ж героі – толькі змяшчаюцца акцэнты аўтарскай увагі да іх. У першай аповесці дамінуе канфлікт старшакласнікаў і бацькоў, выносіцца на суд стаўленне бацькоў да сваіх амаль дарослых дзяцей. Пачатак аповесці. Нібыта ў прадчуванні кантрасту, тут ўладарыць абсалюная гармонія, уладарыць матыў узнёсласці, матыў задаволенасці сабою і жыццём. Аўтар настойліва, зноў і зноў, падкрэслівае гэты гарманічны стан: “Ранак быў цудоўным: празрыстым, ціхім, шматабяцаючым” , “Цудоўна пачаўся дзень…” А вось зноў: “Цудоўна пачаўся дзень” , “Цудоўна заканчваецца дзень” , “Увогуле ўсё цудоўна” . Такая настойлівасць насцярожвае, яна ўжо загадзя настройвае чытача на дысананс, папярэджвае аб маючай адбыцца драме. Нішто не прадказвае бяды для галоўнай гераіні Тані Пракоповіч (галоўнай умоўна, бо галоўным тут з’яўляецца ўвесь 10 “А” клас). Яшчэ ўначы ёй нешта “прыснілася-прымроілася” прыемнае і ўвесь дзень яна жыла чаканнем вечара, збіралася на дыскатэку. Праўда, сёння ў школе аб’яўлены Дзень прафілактыкі СНІДу, іхні 10 “А” адказны за яго правядзенне. Тут і завязваецца інтрыга: “зубаскал і шалапут” Юрыс Клімко вырашыў “пажартаваць” і падкінуў у кішэні аднакласнікам па пакеціку з прэзерватывам. Неўзабаве прэзерватыў страціць сваю матэрыяльную прыроду і набудзе якасці нейкага вобраза-сімвала, стане галоўным носьбітам канфлікта паміж дарослымі і падлеткамі. Маладое пакаленне ўвогуле назаве яго “разбуральнікам” кахання і высокай духоўнасці. Прэзерватыў стане самым “упамінальным” у творы, ён зробіцца “цэнтрам” дыскусій і бясконцых размоў. А яшчэ ён – прысуд усяму 10 “А” класу, “прысуд нам, – скажа адзін з вучняў. – Ён (прэзерватыў – В.Л.) у дзяўчыны – яна блудніца і дрэнь. У хлопца – распуснік” . Прэзерватыў нібыта “татальны” рэфрэн праходзіць праз усю апавядальную структуру. Часавая прастора твора падзяляецца на два “кантрастныя” адрэзкі: падзеі дня і начны бунт-суд падлеткаў. Гармонія заканчваецца тады, калі Таніна маці выпадкова знаходзіць ў сумачцы дачкі прэзерватыў і жорстка яе б’е. З гэтага моманту свет для Тані, якая “цалкам была падпарадкавана правілам і жаданням маці” , раскалоўся на часткі, ён страціў сваю важкасць, усё, чым жыла дзяўчына да гэтага часу, зрабілася далёкім-далёкім, “усё роўна як бы глядзеў у бінокль адным бокам, а нехта прыйшоў і ўладна перавярнуў бінокль у тваіх руках. І тое, што здавалася вялікім і значным, стала дробязным, мізэрным, не вартым увагі” . Унутраная драма дзяўчынкі настолькі вялікая, што яна страчвае ўсялякую сувязь з гэтым жыццём, яе маніць ужо іншы свет, іншасвет, бясконцае неба над галавой і сонца, якое “няспешна коціцца вунь за той лясок. Сонца – гэта ты. Ты – гэта сонца. Знікне сонца – прыйдзе ноч. І ты знікнеш, бо пойдзеш у ноч” . Выратоўвае Таню яе сябар Сашка. Гэта ён заўважыў дзяўчыну на дзевятым паверсе, яна сядзела на падаконніку “тварам да неба, тварам да сонца” . Сашка адвозіць дзяўчыну ў лес, у Чарэмшань, туды, дзе паўсюдна буяе чаромха і спяваюць салаўі. Паступова там збіраецц ўвесь 10 “А” клас, да іх далучаюцца класная, завуч школы і некаторыя з бацькоў. На фоне сапраўднай прыроднай гармоніі (чаромха, спеў салаўіны) і разыграецца сцэна “суда” – дзяцей над бацькамі. “Я ведаю, што ўсе дарослыя – сволачы, што ім напляваць на нашы праблемы, тым больш – на нашы жарты. Што іх дабрыня – гэта добры кій, змочаны з аднаго боку цукрам. Як падпарадкуешся, то можаш палізаць. А не дык адразу па галаве” , – так разумее сітуацыю Сяргей, якога бацька таксама даўно і жорстка б’е – газавым шлангам. Хлопец бачыць прычыну жорсткасці бацькоў у іх недаверу да дзяцей. “Яны мяркуюць аб нас на прыкладзе саміх сябе… І мы для іх – самыя разбэшчаныя, самыя распушчаныя, самыя няўдзячныя з усіх пакаленняў” , – перакананы юнак. У сваіх меркаваннях падлеткі аднадушны і непахісны, яны не прымаюць ніякіх паўтаноў. “У нас суд. Мы судзім сваіх бацькоў. І настаўнікаў. Увогуле – дарослых” . Усё, як і ў сапраўдным судзе. Спачатку зачытваецца абвінавачванне: “Мы дзесяцікласнікі, абвінавачваем вас, дарослых – бацькоў, настаўнікаў – у тым, што вы руйнуеце нашу веру ў светлыя пачуцці кахання і сяброўства, што вы штурхаеце нас у бруд жывёльнага сексу <…> што вы, кажучы, што любіце нас, між тым бачыце ў нас няўдзячных, цынічных, безадказных” . Так, па-максімалісцку апантана, змагаюцца героі В. Гапеева за сваю свабоду, а разам з ёю і за чысціню кахання, яго маральнасць і духоўнасць. Толькі сапраўднае каханне, па В. Гапееву, адкрывае ісціну жыцця, супрацьстаіць смерці. “І знікне смерць сама перад тварам Кахання, бо само Каханне ёсць жыццё!” . У адпаведнасці з правіламі суда-гульні аўтар дае “слова” і дарослым, каб і яны аргументавалі свае паводзіны. Менавіта тут і ўзнікае такое паняцце, як дараванне. Толькі ўзаемнае дараванне можа вырашыць гэты нечаканы канфлікт. І не толькі гэты. Дараванне – гэта той маральна-этычны фундамент, на якім выбудоўваюцца стасункі паміж людзьмі. “Высокі суд” выносіць прысуд: “Выраб з высокаякаснага латэксу, які будучы надзьмутым, па форме нагадвае дзіцячы паветраны шарык, пад назвай “прэзерватыў” прызнаць вінаватым і вынесці яму пакаранне ў выглядзе спалення на кастры прынародна!” Элементы гумару, якія прыўносяцца аўтарам у тэкст толькі падкрэсліваюць ненатуральнасць сітуацыі. Раней заяўленая драма паступова трансфармавалася ў звычайную гульню. Канфлікт вычарпаны. І пэўна на гэтым і трэба было аўтару скончыць сканструяваную ім сцэну суда. Толькі пісьменнік змяшчае ў структуру апавядання яшчэ словы малітвы Крыжу Гасподнему, а пасля і тэкст малітвы Каханню, складзенай ужо на аснове першай. Усё гэта, як сведчыць аўтарская рэмарка, згоднена з Мінскай Епархіей Беларускай Праваслаўнай Царквы. Але нам падаецца, што ў “кантэксце” бясконцых варыяцый з прэзерватывам, гэта выглядае не зусім карэктна. Свет гармоніі, які раптоўна быў страчаны, вяртаецца. Фінал набывае аптымістычнае гучанне: “Ранак быў цудоўны. Сонца вялікім барвовым плоскім дыскам паважна ўзнімалася над горадам” . Не выпадкова тут пададзены і вобраз дарогі, які мае глыбокі сімвалічны змест: “Сяргей пайшоў у вёску да бабулі. “Нічога, што доўга ісці. Затое насустрач сонцу” . Калі ў аповесці “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання” галоўным “героем” быў прадстаўлены прэзерватыў, то ў аповесці “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” такім героем з’яўляецца камп’ютар. У хранатоп сучаснасці ўпісваецца новая міфалагема часу – вобраз-сімвал камп’ютара, які ўплывае на быццё чалавека ў якасці новага бажаства. Без гэтага бажаства сучасны чалавек, асабліва моладзь, не могуць ужо абысціся. “Лёшка даўно ўпэўніўся, што так званыя віртуальныя адносіны – зусім не віртуальныя. Самыя рэальныя. Калі так да іх падыходзіць… то і тэлефанаванні – віртуальныя. І пісьмы, што людзі раней пісалі – таксама віртуальныя. Людзі ж існуюць, людзі жывыя, і думкі ты агучваеш свае, і рэакцыя на гэтыя думкі застаецца на старонках форумаў” . Толькі мастацкая логіка дыскурсу сведчыць аб іншым: віртуальны свет – свет сканструяваны, прыдуманы, як прыдумана мова, нежывая, немілагучная, як прыдуманы прозвішчы-нікі. Лёшка назваў сябе Талерам, Юрыс увогуле ўзяў сабе жаночае імя Ксенка. І каханне віртуальнае несапраўднае, часам яно набывае пачварныя формы – калі хлопец прызнаецца ў каханні другому хлопцу, бо гэты другі прыкрыўся жаночым імем. У выніку атрымліваецца драма, распачатая як жарт. У цэнтры аповесці “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці” прыярытэтствуе ўжо характар, асоба чалавека. Адлюстраваны працэс сталення 17-гадовай дзяўчыны Кацярыны, якая атрымала ў сваім жыцці першы ўрок кахання, свой першы боль і першае расчараванне. Аўтара цікавіць не плынь свядомасці, а найперш логіка пачуцця, дыялектыка першай юначай страсці, якая сваім драматызмам ўздымае гераіню на новую ступень сталення. Пісьменнік абмежаваў чáсавую прастору ў аповесці “Усё цудоўна” толькі аднымі суткамі, “Лёшкава каханне” – некалькімі тыднямі. Аповесць “Першы боль” адлюстроўвае ўжо некалькі месяцаў з жыцця гераіні, і менавіта за гэты час, як і ў папярэдніх творах, павінна адбыцца нейкае ўзрушэнне, катаклізм, якія ўнясуць пэўныя карэктывы ў свядомасць, маральны ці духоўны свет героя.
Кацярына марыла скончыць школу, курсы і пайсці працаваць, а на заробленыя грошы зрабіць рамонт кватэры, купіць мэблю, новы тэлевізар, выплаціць крэдыт. Пасля гэтага вучыцца далей завочна, каб быць як усе яе аднакласнікі. Ну і канешне, сустрэць Яго. А пакуль дзяўчына ўсё лета праводзіць на лецішчы, займаецца агародам і гэта дае ёй добрую капейку: яна апранула-абула сябе, малодшых сястру і брата, ды і маці, што працуе на двух работах, нешта застаецца. Тут, у пасёлку, Кацярына пачувала сябе спакойна, “тут кожны дзень заўтрашні быў падобны на сённяшні, тут свядомасць трымала ў сабе вельмі простае і зразумелае заданне – дагледзець садавіну… і не цягнула яе ў горад, лецішча было бліжэйшым і раднейшым. Тут усё было зразумелым і ясным: праца, мэта, сродкі” . Яшчэ там, не лецішчы, Кацярына адчула нейкія змены ў сабе. Аўтар падае гэты стан праз “абноўлены” партрэт дзяўчыны, якая ўпершыню стаяла зусім голая перад вялікім люстрам: “Хваля радаснага здзіўлення падкацілася пад самае горла, задыхала часцей, гарачынёй успыхнуў твар. Яна пазнавала і не пазнавала сябе. Яна не памылілася… Найперш кінулася ў вочы – яе “медыцынскія прышчыкі”… акругліліся, наліліся, асцярожна і сарамліва выстаўлялі наперад цёмна-ружовыя саскі. Папаўнелі сцёгны, рукі ад плячэй і самі плечы. Увесь стан яе пакруглеў, лініі цела набылі плаўнасць і лёгкасць, а з імі – ужо ўлоўную жаноцкасць” . “Хваля радаснага здзіўлення” яшчэ не раз будзе накачвацца на дзяўчыну: і калі ў іхняй сям’і з’явіўся новы муж маці Сяргей Віктаравіч, “просты, сціплы, акуратна апрануты”, і калі яна пераехалі ў кватэру Галіны Міхайлаўны, маці Сяргея Віктаравіча, і займела там асобны пакой, і, нарэшце, калі гэты самы Сяргей Віктаравіч падарыў ёй камп’ютар. “За нейкі тыдзень яе жыццё перавярнулася: яшчэ колькі дзён таму бедная папялушка і вось цяпер, лічы – прынцэса” . І спачатку гэтая знешняя побытавая ўпарадкаванасць парушыла ўжо адладжаны, звыклы для яе лад жыцця. Пасля смерці бацькі Кацярына разлічвала толькі на сябе і маці, ведала, што яе заўтрашні дзень залежыць толькі ад яе. Цяпер жа яна адчувала сябе нібыта ўбаку ад свайго лёсу. Гэта яе трывожыла і бянтэжыла. Толькі і з гэтым станам яна хутка змірылася і звыклася.
І вось тут ў жыцці гераіні з’яўляецца яго вялікасць камп’ютар. Зноў камп’ютар! Інтэрнэт зацягвае маладых людзей у сваё сеціва, падмяняе рэальнае жыццё, “на форуме быццам прарывае ўсіх, а ў рэальным жыцці… амаль маўчым аб усім, толькі ўрокі ды заняткі” . І ўвогуле, уключаецца ў спрэчку другі персанаж: “на форуме… ну, неяк цікавей. Там па-іншаму” . Там больш свабоды, там ніхто не бачыць вачэй субяседніка, а галоўнае там можна іграць, самому “ствараць” свой вобраз. Каця таксама стварыла свой віртуальны вобраз, які “жыве асобна ад яе і ад усіх, і адначасова яго няма. Ёсць Кацярына. Але ж Кацярына зусім не такая, як тая Менеджар (Нік Кацярыны – В. Л.). Там – тая Кацярына, якой бы яна хацела быць у жыцці, штодзень: упэўненай, смелай.., каханай” . Менавіта Менеджар, а не Кацярына ўпершыню на роўных размаўляла з Юрыем, дыскутавала з ім. Юрый – маральны антыпод Кацярыны. Яшчэ пасля першага свайго кахання, якое адразу ж і скончылася, як толькі ён зазірнуў пад спадніцу настаўніцы, герой прыйшоў да высновы: “Нават самая цудоўная жанчына застаецца жывым стварэннем, якому акрамя ўсяго іншага трэба і спраўляць свае фізіялагічныя патрэбы…” З кахання знікла рамантыка, прыгажосць, засталіся фізіялогія і адкрыты цынічны практыцызм: “Прыгажосць – гэта чалавечай практыкай прадыктаваная неабходнасць, умова гарантаванага працягу чалавечага роду” . Пазней герой “адкрые” для сябе матэматычнае і гістарычнае тлумачэнне прыгажосці. Што датычыць кахання, дык Юрый звядзе яго да звычайнай хімічнай рэакцыі. Цяпер яго турбавала толькі адно, каб не адстаць ад хлопцаў-аднакласнікаў, “якія паспыталі (чутак хапала) першую блізкасць” , а ён у свае амаль сямнаццаць год нічога яшчэ не ведаў. Менавіта па гэтай прычыне Юрый “усё больш адчуваў сябе непаўнацэнным” . А паколькі ён лічыўся чалавекам мэтанакіраваным, то ў сваіх планах на будучыню пазначыў для сябе і такую задачу – як адзін з пунктаў самарэалізацыі. Юрый перакананы, што самарэалізацыя ёсць праграма дзеяння, “гэта рухавік і адначасова – вяршыня, на якую гэты самы рухавік павінен чалавека ўзняць” . Другімі словамі, гэта мэта жыцця. Кацярына ж, наадварот, бачыць сэнс самарэалізацыі ў служэнні прадаўжэння роду. І ў гэтай схеме вялікую ролю яна аддае сям’і, як частцы самарэалізацыі. Сутыкаюцца дзве пазіцыі: духоўнасці і бездухоўнасці, маральнасці і амаральнасці, спагадлівасці і эгаізму. Багатая на апекаванне душа Кацярыны пацягнулася да Юрыя, якога па сутнасці яна сабе прыдумала і пакахала, нават была гатовая дзеля яго на самую вялікую дзявочую ахвяру: “Яна кахае, яна хоча падарыць яму сябе. Яна хоча быць у яго першай – каб ён упершыню спазнаў усё тое салодкае з ёй, якая яго кахае” . Драма герояў В. Гапеева ў тым, што яны жыццё “на форуме” прынялі за рэальнае і замест сябе рэальных, яны іграюць у сябе прыдуманых. І мова ў іх – адтуль, з “форума”: “Кацярына разумела, што іншы раз Юрый проста правакуе Юзараў, злуе іх, сам пры гэтым пасмейваецца. Нічога дрэннага няма – так не заціхае форум, не глухнуць тэмы. З другога боку, пасты Юрыя – тое не бессэнсоўны тролінг, калі пішуць, абы некага зачапіць, абы развесці сварку старонак на дзесяць, пакуль мадэратар не пачне раздаваць удзельнікам цэглу – папярэджанасці” . У аснове аповесці В. Гапеева “Развітальная вячэра” (надрукавана часопісам “Полымя” (№ 10) у 2009 годзе) знаходзяцца тыя ж маральна-побытавыя канфлікты, толькі ўжо “дарослыя”. Аўтар вызначыў свой твор як “сямейная драма”. Твор вельмі дынамічны, мускулісты. Інтрыга трымае чытача ў палоне з першай да апошняй старонкі, дзе адбываецца сапраўдны выбух… Незвычайнае наватарскае вырашэнне характару аднаго з галоўных герояў – немаладога ўжо вяскоўца, бацькі трох дарослых дзяцей. Заяўлены напачатку як самадур і крыўдзіцель, гэткі сямейны тыран, у фінале ён паўстае як асоба сапраўднага трагічнага зместу. Сямейная драма як драма асобнага чалавека выходзіць за межы адной сям’і, яна ёсць вынік, следства драмы агульнанароднай, трагедыі постчарнобыльскага часу. Валянціна Локун
Раздзел: Водгукі чужыя пра маё |
|
|